Бібліятэка                   Тэмы

Транспарт          

Транспарт

Дзякуючы транспарту, людзі маюць свабоду перамяшчэння, могуць працаваць у месцах, далёкіх ад сваіх дамоў, купляць больш танныя тавары, адпачываць у экзатычных месцах. Які, аднак,рэальны кошт транспарту і хто яго плаціць?

У цяперашні час транспарт з'яўляецца крыніцай найбольшай колькасці выкідаў парніковых газаў у атмасферу - каля 80% агульнай колькасці выкідаў аксіду вугляроду (СО2) і каля 60% выкідаў аксідаў азоту (NОx). NОx - вынік згарання паліва пры высокім ціску і тэмпературы. Ён з'яўляецца адной з прычын кіслотных дажджоў. Аксіды азоту аказваюць прамое ўздзеянне на парніковы эфект і разбурэнне азонавага пласта.

Аксід вугляроду (СО) атрымліваецца ў выніку няпоўнага згарання паліва ў бензінавых рухавіках. Гэта вельмі небяспечны для здароўя газ, які парушае працэс забеспячэння арганізма кіслародам. Выкіды лятучых арганічных злучэнняў (ЛАЗ) утвараюцца ў выніку няпоўнага згарання паліва, з прычыны выпарэнняў з рухавікоў і бензазаправачных станцый. ЛАЗ спрыяюць утварэнню азону ў трапасферы. Колькасць дробных цвёрдых часціц, якія ўтвараюцца ў выніку працы дызельных рухавікоў, у 50 разоў больш, чым пры працы бензінавых. Яны могуць заставацца ў паветры працяглы час і спрыяюць утварэнню смогу. Дробныя цвёрдыя часціцы небяспечныя для здароўя — яны могуць пракрасціся і застацца назаўжды ў лёгкіх, выклікаючы захворванні органаў дыхання і, як следства, рак. Разліў нафтавых прадуктаў у час звычайнай дзейнасці або па неасцярожнасці забруджвае глебу, рэкі і акіяны.

Транспартная інфраструктура складаецца з шашэйных дарог, партоў, гаражоў, дэпо і стаянак, яна не можа быць нейтральнай у адносінах да навакольнага асяроддзя. Яна «акупавала» зямлю, якая магла б быць выкарыстана па іншаму прызначэнню або ж захавана ў сваім натуральным выглядзе. Ўстаноўка транспартных збудаванняў прыводзіць да незваротнага парушэння натуральнага прыроднага асяроддзя. У многіх выпадках рэкультывацыя кар'ераў або закінутых чыгуначных шляхоў, участкаў зямлі, на якіх былі рассыпаны або разліты небяспечныя рэчывы, не праводзіцца. Транспартная інфраструктура перасякае тэрыторыю натуральных прыродных месцапражыванняў і перашкаджае міграцыі жывёл. Ва ўсіх еўрапейскіх краінах сетка шашэйных дарог значна даўжэй чыгуначнай. У Еўропе найбольш хуткімі тэмпамі будуюцца аўтамагістралі.

Нарастальная неабходнасць пашырэння транспарту - непазбежны вынік спалучэння некалькіх фактараў, такіх, як эканамічны рост, змены ў структуры прамысловасці, павялічыўшыся аб'ём перавозак тавараў, а таксама і сацыяльна-эканамічныя прычыны, звязаныя з ростам даходаў і падвышанай цікавасцю да паездак. У апошнія гады рэальныя выдаткі прыватнага пасажырскага і грузавога транспарту значна знізіліся, у той час як выдаткі ў сферы грамадскага транспарту павялічыліся.

Змены характару і аб'ёму эканамічнай дзейнасці неадкладна адбіваюцца і на транспартнай сістэме. Апошнія дзесяцігоддзі характарызуюцца паступовым перамяшчэннем гарадскіх цэнтраў да прыгарадаў, што прыводзіць да дэцэнтралізацыі эканамічнай дзейнасці. Развіццё паслуг спрыяе далейшаму развіццю і разгалінаванню транспартнай сістэмы. Гнуткасць і хуткасць ператвараюцца ў ключавыя параметры транспартных паслуг у сувязі з павелічэннем колькасці пачатковых і канчатковых кропак транспартных кірункаў. У сваім імкненні аптымізаваць вытворчасць і скараціць выдаткі на захоўванне, некаторыя прадпрымальнікі робяць стаўку на сістэму паставак «just-in-timе» (своечасова). Гэта прыводзіць да змены характару тавараў у карысць больш лёгкіх і больш дарагіх. Такім чынам, аб'ём тавараў становіцца меньшым за кошт павелічэння частаты паставак. Адкрыццё рынкаў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы для астатняй часткі кантынента выклікала развіццё гандлёвых сувязяў і неабходнасць павелічэння перавозак тавараў і пасажыраў. Пацвердзіліся чаканні, што інфраструктура аўтадарожнага транспарту паміж Заходняй і Усходняй Еўропай павялічыцца ў 4 разы, а чыгуначнага — у 3 разы.

Дэмаграфічныя змены і рост даходаў людзей прывялі да павелічэння колькасці прыватных аўтамабіляў, а таксама вызвалілі больш часу для адпачынку. Гадавыя паказчыкі павелічэння колькасці аўтамабіляў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе перавышаюць паказчыкі заходняй часткі кантынента. Усё больш еўрапейцаў выкарыстоўваюць паветраны транспарт, асабліва летам. У цэлым, аднак, колькасць палётаў не павялічваецца тымі ж тэмпамі, што і колькасць пасажыраў. Гэта звязана з выкарыстаннем больш буйных самалётаў.

Функцыянальная раздробленасць зямлі на мясцовым узроўні (для вытворчых прадпрыемстваў, офісаў, месцаў для адпачынку, гандлёвых аб'ектаў) спрыяе павелічэнню колькасці штодзённых паездак. Многія паслугі можна атрымаць толькі ў пэўных аддаленых месцах, куды даводзіцца ездзіць. Тыповы прыклад гэтага - супермаркеты, размешчаныя па-за горадам, - адны з найбольш часта наведвальных месцаў.

Рэспубліка Беларусь размяшчаецца на скрыжаванні буйных транспартных патокаў. Праз тэрыторыю краіны праходзяць важнейшыя аўтамабільныя магістралі і чыгуначныя шляхі, якія забяспечваюць грузавыя перавозкі і перамяшчэнне пасажыраў паміж Заходняй і Усходняй Еўропай, краінамі Балтыі і Украінай. Рэспубліка Беларусь заключыла візавыя пагадненні з некаторымі геаграфічна аддалёнымі дзяржавамі, дзякуючы чаму значна павялічыўся пасажырскі трафік беларускіх авіяліній. Перадача энерганосьбітаў з Расійскай Федэрацыі ў краіны Еўрасаюза шмат у чым забяспечваецца за кошт беларускіх трубаправодаў.

Усё больш увагі надаецца мадэрнізацыі транспартнай сістэмы Рэспублікі Беларусь. Як з боку дзяржавы, так і з боку ініцыятыўных грамадзян прыкладаюцца значныя намаганні, накіраваныя на развіццё транспартнай інфраструктуры, павышэнне бяспекі, паляпшэнне экалагічных паказчыкаў транспарту.

У Рэспубліцы Беларусь развіты наступныя віды транспарту:

  • Чыгуначны транспарт — яго грузаабарот займае вядучае месца, ён складае 49,5 млн. тона-кіламетраў (73% у параўнанні з іншымі відамі транспарту, выключаючы трубаправоды).
  • Аўтамабільны транспарт. Сярод транспартных шляхоў Рэспублікі Беларусь найбольшую працягласць маюць аўтамабільныя дарогі. Аўтамабілі пераважаюць над усімі іншымі відамі транспарту ў дзяржаўных арганізацыях, у сферы прыватнага бізнесу і сярод транспартных сродкаў асабістага карыстання. У структуры грузавых перавозак на долю аўтамабільнага транспарту прыпадае больш за палову. Па колькасці перавезеных грузаў (у тонах) чыгуначны транспарт цяпер саступае аўтамабільнаму, хоць яшчэ ў 2000 годзе чыгуначныя перавозкі колькасна пераважалі.
  • Электрычны транспарт — тралейбусы, трамваі, электрацягнікі — у асноўным выкарыстоўваюцца для перавозак пасажыраў на кароткія адлегласці па гарадскіх і прыгарадных маршрутах. Падземны электратранспарт развіты толькі ў сталіцы Рэспублікі Беларусь.
  • Паветраны транспарт у асноўным выкарыстоўваецца для міжнародных пасажырскіх перавозак.
  • Водны транспарт. З-за адсутнасці выхадаў да мора, водная транспартная сетка развіта слаба. Гэта рачны транспарт, які ажыццяўляе грузаперавозкі, а таксама забаўляльныя прагулкі па суднаходных рэках.
  • Трубаправоды маюць важную ролю ў транспарціроўцы сыравіны.

У якасці асабістага транспарту жыхароў невялікіх гарадоў, пасёлкаў і вёсак Беларусі традыцыйна шырока выкарыстоўваецца ровар. Зараз, з з'яўленнем новых высокатэхналагічных мадэляў горных і гібрыдных ровараў, гараджане ўсё часцей сталі выкарыстоўваць ровары для штодзённага перамяшчэння. Сучасныя ровары, у параўнанні з аўтамабілямі, не толькі не запавольваюць перамяшчэнне па горадзе, але часта нават забяспечваюць выйгрыш у часе за кошт гнуткасці маршруту, незалежнасці ад заправак і парковак.

Поўную інфармацыю аб транспарце, які знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, можна атрымаць на сайце Міністэрства транспарту і камунікацый РБ. Пытанні, звязаныя з выкарыстаннем прыватнага транспарту, абмяркоўваюцца на форумах аўтааматараў і веласіпедыстаў.

Легкавы аўтамабіль на сённяшні дзень з'яўляецца самым папулярным відам транспарту ў Рэспубліцы Беларусь. Колькасць асабістых аўтамашын перавышае 2,5 млн. З іх больш за паўмільёна адзінак транспарту прыпадае на горад Мінск. Забяспечанасць насельніцтва складае каля 300 легкавых аўтамабіляў на тысячу чалавек. Лік аўтамабіляў, якія знаходзяцца ва ўласнасці арганізацый і грамадзян, пастаянна павялічваецца.

Аўтамабіль стаў галоўным тэхнагенным фактарам, які вызначае экалагічны стан беларускіх гарадоў і які аказвае вялікі ўплыў на здароўе і дабрабыт грамадзян, змяняе натуральныя ўмовы прыродных экасістэм.

  • З ростам колькасці аўтамабіляў павялічыўся аб'ём шкодных выкідаў у атмасферу. Гэтая праблема пагаршаецца з-за масавага ўвозу і выкарыстання патрыманых аўтамабіляў. Значная частка аўтамабіляў працуе на дызельным паліве нізкай якасці, што павялічвае выкіды ў атмасферу дробных часціц, якія ўяўляюць небяспеку для здароўя.
  • Пагоршылася аварыйная абстаноўка на дарогах.
  • З'явілася праблема перагружанасці гарадскіх дарожных шляхоў у гадзіны пік і паблізу участкаў рамонту (аўтамабільныя «коркі»). Гэта тычыцца не толькі сталіцы, але і абласных цэнтраў.
  • Узраслі выдаткі насельніцтва на паліва і рамонт аўтамабіляў.
  • Людзі сталі марнаваць больш часу на аўтамабіль і менш — на сябе і сваё здароўе. Праблема гіпадынаміі прывяла да росту сардэчна-сасудзiстых захворванняў, ўзнікнення праблем з суставамі ў аўтамабілістаў. Ненатуральны мікраклімат салона аўтамабіля, выкарыстанне хімічных сродкаў ачысткі выклікаюць раздражненне і захворванні дыхальнай сістэмы.
  • Аўтамабільныя паркоўкі, стаянкі, аўтазапраўкі займаюць значныя тэрыторыі. Аўтазапраўкі часта размяшчаюцца паблізу рэк, сумяшчаючы ў сабе паслугі запраўкі палівам і аўтамыйкі. Гэта выгадна ўладальнікам заправак, але вельмі балюча адбіваецца на стане рачной вады і прыбярэжнай зоны.
  • Многія аўтадарогі праходзяць праз прыродныя аб'екты - лясы, балоты, запаведнікі, заказнікі, зоны адпачынку. Дарогі не толькі мяняюць натуральны ландшафт, але і ствараюць перашкоды для руху дзікіх жывёл. У перыяды сезонных міграцый гіне вялікая колькасць жывёл: тыя з іх, хто вядзе наземны лад жыцця, трапляюць пад колы аўтамабіляў; птушкі, асабліва маладыя асобіны, паміраюць ад удару аб лабавое шкло машын, якія рухаюцца на вялікай хуткасці.
  • Аўтамабілі ў вялікай колькасці ствараюць такія экалагічныя праблемы, як шум і вібрацыя.


Па меры павелічэння колькасці міжнародных кантактаў і сувязяў узрастае мабільнасць грамадзян Рэспублікі Беларусь. Тэндэнцыі цяперашняга развіцця транспарту наступныя:

  • у беларускіх аўтамабільных парках пераважаюць буйнагабарытныя аўтобусы, хоць прыватныя перавозчыкі ў асноўным выкарыстоўваюць мікрааўтобусы. Паступова дзяржаўныя транспартныя арганізацыі таксама пераходзяць на малагабарытны транспарт. Гэта дазволіць эканоміць паліва, павялічыць мабільнасць і гнуткасць пасажырскіх перавозак.
  • Сярод аўтааматараў Рэспублікі Беларусь расце цікавасць да гібрыдных тэхналогій. Пераход часткі насельніцтва на гібрыдныя аўтамабілі можа знізіць экалагічны ўрон ад легкавога транспарту.
  • Адначасова з павелічэннем колькасці асабістых аўтамабіляў расце колькасць асабістых ровараў. Сумеснае існаванне гэтых двух удзельнікаў руху становіцца няпростым. Афіцыйна прынятыя Правілы дарожнага руху (ПДР) не спрыяюць раварыстам. Патрабаванне ПДР спешвацца на кожным пераходзе перашкаджае ім развіць дастатковую хуткасць руху. З-за абавязковага патрабавання рухацца па ходніках, раварысты пастаянна ствараюць нязручнасці для пешаходаў. Усё гэта прывяло да таго, што раварысты ў гарадах пачалі ствараць грамадскія аб'яднанні. Іх галоўная мэта - папулярызаваць ровар як сродак перамяшчэння. Як толькі раварыстаў у гарадах стане досыць шмат, у іх з'явіцца дастаткова падставаў хадайнічаць аб зменах Правілаў дарожнага руху на сваю карысць.
  • Нягледзячы на вялікую папулярнасць легкавых аўтамабіляў, у краіне працягваюць актыўна ажыццяўляцца чыгуначныя пасажырскія перавозкі. Увод сістэмы пакупкі білетаў праз інтэрнэт выклікае вялікае адабрэнне сярод грамадзян. Цяпер, карыстаючыся паслугамі чыгункі, яны змогуць эканоміць не толькі грошы, але і час.
  • У сістэме чыгуначнага транспарту Рэспублікі Беларусь у асноўным задзейнічаны цягнікі, якія працуюць на гаручым паліве. Станоўчым пачынаннем можна лічыць закупку магутных сучасных грузавых электравозаў кітайскай вытворчасці. У будучыні гэта дазволіць павысіць энергетычную бяспеку і эфектыўнасць чыгуначных перавозак.

У сакавіку 2009 г. Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі распрацавала Канцэпцыю ўвядзення экалагічнай класіфікацыі механічных транспартных сродкаў. Вырашана было прыняць дзяржаўны стандарт СТБ «Транспарт дарожны. Экалагічныя класы», а да 1 СТУДЗЕНЯ 2010 г. — распрацаваць і вырабіць знак, які з'яўляецца носьбітам інфармацыі аб экалагічным класе, падрыхтаваць агульнадаступную базу дадзеных па экалагічнай класіфікацыі транспартных сродкаў. Асноўная мэта ўвядзення экалагічных класаў — абгрунтаваць розныя пошліны на ўвоз у Рэспубліку Беларусь аўтамабіляў высокага і нізкага ўзроўню экалагічнай бяспекі.

Міністэрства транспарту Рэспублікі Беларусь актыўна супрацоўнічае з міжнароднымі ўрадавымі і няўрадавымі арганізацыямі, з'яўляецца ўдзельнікам асноўных міжнародных канвенцый і пагадненняў, якія рэгулююць экалагічны аспект работы транспарту.

Кожны год у Рэспубліцы праводзіцца «Дзень без аўтамабіля». Мноства аўтааматараў на адзін дзень сімвалічна адмаўляюцца ад сваіх транспартных пераваг у карысць аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў і пешых прагулак. У гэты дзень практыкуецца ўводзіць бясплатны праезд для аўтамабілістаў у грамадскім транспарце.

У Беларусі прынята Канцэпцыя ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця транспарту. Яна прадугледжвае выкарыстанне экалагічна чыстых відаў паліва, выкарыстанне больш эканомнага і экалагічна чыстага рухомага складу.

Артыкулам 34 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове навакольнага асяроддзя» прадугледжана выкананне правіл экалагічнай бяспекі ў сферы транспарту. Юрыдычныя асобы, якія працуюць у сферы транспарту, абавязаны прымаць меры па прадухіленні і памяншэнні выкідаў забруджвальных рэчываў у навакольнае асяроддзе. Паводле гэтага закона, прыродныя аб'екты (участкі зямлі, рэк, іншых вадаёмаў, зоны паветранай прасторы), на якіх ажыццяўляецца транспартная дзейнасць, па рашэнню адпаведных рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, могуць быць аднесены да зон падвышанай небяспекі з усталяваннем асобага рэжыму вытворчасці работ і паслуг і знаходжання ў іх.

Згодна з кодэксам «Дзяржаўны тэхнічны агляд транспартных сродкаў. Парадак правядзення і праверкі тэхнічнага стану транспартных сродкаў», кожны аўтамабіліст пасля праходжання тэхагляду машыны атрымлівае яе дыягнастычную карту. У ёй утрымліваюцца, акрамя ўсяго іншага, экалагічныя паказчыкі аўтамабіля: дымнасць дызельнага рухавіка, таксічнасць бензінавага рухавіка, уцечка алеяў і эксплуатацыйных вадкасцяў.

У Рэспубліцы Беларусь дзейнічае навукова-даследчы цэнтр экалагічнай бяспекі і энергазберажэння на транспарце (горад Гомель). Цэнтр выконвае работы ў галіне экалагічнай бяспекі транспарту. У іх ліку — экспертыза тэхнічных рашэнняў, прапанаваных для павышэння эканамічнасці і экалагічнасці дызельных і бензінавых рухавікоў унутранага згарання.

Інжынерна-даследчыя работы ў Рэспубліцы Беларусь таксама праводзіць БелНДIТ «Транстэхніка» (горад Мінск). Гэта вядучы навукова-тэхнічны цэнтр Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь па правядзенні навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх і тэхналагічных работ у галіне аўтамабільнага транспарту. Адно з напрамкаў дзейнасці інстытута — ахова навакольнага асяроддзя і экалагічная бяспека на транспарце.