Бібліятэка                   Тэмы

Устойлівае развіццё          

Устойлівае развіццё

Сёння нашы веды аб прыродзе значна перавышаюць узровень разумення таго, як варта ставіцца да яе. У выніку, мы высякаем лясы, разбіваем у друз горы, асушваем рэкі, пакрываем асвальтам палі, забруджваем паветра і шкодзім свайму здароўю. Адным словам, мы робім свет такім,   якім ніхто з нас не хацеў бы яго бачыць.

Праблемы, з якімі мы сутыкаемся ў пачатку новага стагоддзя, звязаны з развіццём чалавецтва. За апошнія сто гадоў колькасць насельніцтва Зямлі ўзрасла ў 4 разы, а сусветная эканоміка — у 36 разоў. Эканамічны рост зрабіў жыццёвы ўзровень такім высокім, што нашы продкі не маглі бы сабе і ўявіць, але ў той жа час падарваў стан прыродных сістэм настолькі, наколькі яны не падумалі і ў горшых сваіх асцярогах.

У пачатку ХХІ ст. становіцца відавочным, што задавальненне нарастальных патрэбаў ва ўмовах пастаяннага росту колькасці насельніцтва Зямлі пры цяперашнім стане эканомікі з'яўляецца проста немагчымым.

Заходняя эканамічная мадэль, якая засноўваецца на эксплуатацыі цвёрдага паліва, аўтамабільным транспарце і эканоміцы, якая стварала велізарную колькасць адкідаў, якая прывяла да рэзкага павышэння жыццёвага стандарту часткі чалавецтва ў мінулым стагоддзі, цяпер знаходзіцца ў крызісе. Калі гэтая мадэль ператворыцца ў глабальную, і калі, у адпаведнасці з прагнозамі ААН, насельніцтва Зямлі дасягне 10 млрд. чалавек у сярэдзіне ХХІ ст., то вынік будзе надзвычайны:

  • Калі, напрыклад, у 2050 г. на кожных двух чалавек у свеце будзе прыходзіцца па адной аўтамашыне, як гэта сёння адбываецца ў ЗША, то лік аўтамабіляў дасягне 5 млрд. Улічваючы перагружанасць дарожнага руху, расход паліва і матэрыялаў, а таксама неабходнасць дадатковай прасторы пры існуючых цяпер больш за 500 млн. аўтамабіляў, цяжка ўявіць, што адбудзецца пры наяўнасці сусветнага аўтапарка ў 5 млрд. машын.
  • Калі спажыванне нафты на душу насельніцтва дасягне цяперашняга ўзроўню ЗША, то свет будзе спажываць 360 млн. барэляў нафты штодзённа. Для параўнання, у цяперашні час вырабляецца 70 млн. барэляў у дзень.
  • Калі прытрымлівацца амерыканскага ладу харчавання, то для 10 млрд. чалавек неабходна 9 млрд. тон збожжа ў год. Пры цяперашнім узроўні вытворчасці збожжа на Зямлі, для таго, каб вырабіць такі ўраджай, спатрэбіліся б чатыры такія планеты, як наша.

У супрацьлегласць ладу жыцця, дзе на чале ўсяго стаіць спажыванне, што вядзе да крызісу, катастрофы, да няўстойлівасці, навукоўцамі быў прапанаваны варыянт развіцця чалавецтва, вядомы як «устойлівае развіццё». Упершыню гэты тэрмін быў уведзены ў 1987 годзе ў дакладзе Міжнароднай камісіі па навакольным асяроддзі і развіцці пад кіраўніцтвам Гру Харлем Брундтланд «Наша агульная будучыня». Асноўная ідэя гэтай канцэпцыі — паляпшэнне жыцця людзей цяпер без пагрозы для якасці жыцця будучых пакаленняў. Кажучы больш простай мовай, мы павінны жыць і выкарыстоўваць рэсурсы планеты такім чынам, каб нашы дзеці і ўсе наступныя пакаленні змаглі жыць на гэтай планеце, па меншай меры, не горш за нас. Стратэгія такога развіцця прадугледжвае павышэнне ўзроўню жыцця чалавека і, у той жа час, захоўвае прыродныя і біялагічныя рэсурсы, падтрымлівае прадуктыўнасць прыроды.

Іншымі словамі, эканоміка можа стаць экалагічнай, а развіццё грамадства — ўстойлівае, толькі, калі яно будзе адказваць наступным прынцыпам устойлівасці:

  • Улоў рыбы не павінен перавышаць яе прырост у месцах лоўлі.
  • Колькасць падземнай вады, якая выкачваецца, не павінна перавышаць магчымасцяў яе аднаўлення.
  • Узровень эрозіі глебы колькасна не павінен перавышаць узровень стварэння новай глебы.
  • Высечка дрэў не павінна перавышаць колькасць новых насаджэнняў.
  • Выкіды вугляроду не павінны перавышаць здольнасці прыроды перапрацоўваць вуглякіслы газ, які трапляе ў атмасферы.
  • Устойлівая эканоміка не можа знішчаць віды раслін і жывёл і г.д.

У аснову новай эканамічнай мадэлі лёг новы прынцып. Яго сутнасць заключаецца ў пераходзе ад вычарпання прыродных рэсурсаў, як раней адбывалася, да выкарыстання крыніц аднаўляльнай энергіі і паўторнага ўжывання і перапрацоўцы матэрыялаў. У цэнтры гэтай мадэлі ляжыць выкарыстанне сонечнай энергіі, ровараў і чыгуначнага транспарту. Гэта новая эканоміка, заснаваная на значна больш эфектыўным і разумным выкарыстанні энергіі, вады, зямлі і сыравіны.

Асноўныя праблемы на шляху ўстойлівага развіцця сучаснага грамадства, якія патрабуюць неадкладных і эфектыўных дзеянняў, наступныя:

Насельніцтва – У 2011 г. насельніцтва Зямлі дасягнула 7 млрд. чалавек і чакаецца, што ў сярэдзіне XXI ст. яно вырасце да 10 млрд. чалавек. У сувязі з гэтым, асноўнымі праблемамі будуць недахоп пітной вады і апрацоўваемай зямлі для вытворчасці ежы.

Беднасць і няроўнасць – Сёння амаль 25% насельніцтва Зямлі жыве на менш, чым адзін даляр у дзень. Няроўнасць па-ранейшаму застаецца сур'ёзнай перашкодай на шляху да ўстойлівага развіцця. Задачай з'яўляецца зніжэнне напалову колькасці людзей, якія жывуць на менш, чым 1 даляр у дзень, а таксама колькасць людзей, якія пакутуюць ад пастаяннага недаядання.

Прадукты харчавання і сельская гаспадарка – Зніжэнне коштаў на прадукты харчавання за апошнія трыццаць гадоў дапамагло павысіць рост спажывання, аднак у многіх раёнах свету ўчасткі, прыдатныя для сельскагаспадарчай дзейнасці, вельмі абмежаваныя, а стварэнне новых аказвае разбуральнае ўздзеянне на экасістэмы, якія захаваліся. У будучыні павелічэнне вытворчасці харчовых прадуктаў не варта ажыццяўляць за кошт разбурэння прыроды. У найбліжэйшай будучыні неабходна дасягнуць значнага запаволення тэмпаў страты біяразнастайнасці.

Пітная вада – Адсутнасць пітной вады ў многіх раёнах свету з'яўляецца перашкодай для ўстойлівага развіцця. Чакаецца, што пры цяперашніх тэмпах развіцця, да 2025 г. кожны другі чалавек на планеце будзе адчуваць недахоп пітной вады. Галоўная задача - у наступным дзесяцігоддзі знізіць напалову колькасць людзей, якія не маюць доступу да чыстай пітной вады і пазбаўленыя асноўных гігіенічных умоў.

Здароўе – Большасць смяротных выпадкаў у краінах, якія развіваюцца, можна прадухіліць. У наступныя гады чалавецтву варта засяродзіць увагу і вылучыць сродкі на барацьбу з хваробамі. Непасрэднай задачай у наступным дзесяцігоддзі з'яўляецца зніжэнне на дзве трэція, у параўнанні з узроўнем 2000 г., узроўню смяротнасці сярод дзяцей да 5 гадоў і на тры чвэрці — сярод парадзіх.

Энергія – Спажыванне ўсіх відаў энергіі бесперапынна ўзрастае. Палягчэнне доступу да надзейных, устойлівых і экалагічных крыніц энергіі, а таксама стварэнне нацыянальных праграм энергетычнай эфектыўнасці будзе асабліва важнай задачай на наступныя 10-15 гадоў.

Лясы – Плошча лясоў у свеце памяншаецца перш за ўсё з-за развіцця сельскай гаспадаркі. Задачай велізарнай важнасці ў бліжэйшыя гады будзе паляпшэнне ўзнаўлення і кіравання ляснымі масівамі.

Бяспека і навакольнае асяроддзе – Канфлікты, звязаныя з прыроднымі рэсурсамі і забруджваннем навакольнага асяроддзя, вядуць да нестабільнасці. Часта рашэнне экалагічных праблем, як першы крок, можа стымуляваць пошук рашэння ў цэлым.

Лепшае разуменне Канцэпцыі ўстойлівага развіцця, далейшае зацвярджэнне ролі грамадзянскай супольнасці і заахвочванне партнёрскіх ініцыятыў паміж прыватным і грамадскім сектарамі, пры прымяненне гэтай канцэпцыі, з'яўляюцца ключавымі для дасягнення поспеху. У гэтым кантэксце, вельмі спецыфічная і важная задача для людзей, якія працуюць у сістэме адукацыі, заключаецца ў навучанні дзяцей і дарослых навуцы аб навакольным асяроддзі: якім чынам яна функцыянуе, якая іх залежнасць ад асяроддзя і як яны ўздзейнічаюць на яе. Насенні ведаў, пасеяныя сёння, дадуць плён у будучыні, калі з гэтых дзяцей вырастуць грамадзяне, якія будуць неабыякавыя да праблем навакольнага асяроддзя і развіцця грамадства.

Адна з мэтаў распаўсюду інфармацыі і адукацыі — даць людзям неабходныя прылады, для таго, каб яны маглі стаць грамадзянамі, адказнымі перад грамадствам. Навучанне ў сферы праблем навакольнага асяроддзя і ўстойлівага развіцця дадае да паняцця «грамадзянін» і сэнс адказнасці людзей як грамадзян планеты Зямля.

Важным ядром Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця (НСУР) Рэспублікі Беларусь з'яўляецца мадэль, якая засноўваецца на трыядзе “чалавек-эканоміка-прырода” з мэтай збалансаванага сацыяльна арыентаванага, эканамічна эфектыўнага і эколага-ахоўнага развіцця краіны, задавальнення неабходных патрэбаў цяперашняга і будучых пакаленняў.

У прыкладным плане мадэль устойлівага развіцця — гэта спосаб арганізацыі і функцыянавання грамадства на прынцыпах устойлівасці. Нацыянальная стратэгія з'яўляецца доўгатэрміновай праграмай паэтапнага пераходу да ўстойлівага развіцця, якая вызначае канкрэтныя напрамкі пераўтварэнняў і віды дзейнасці па дасягненні стратэгічных мэтаў, неабходныя для гэтага рэсурсы і механізмы, сістэмы кіравання і каардынацыі на мясцовым, рэгіянальным, нацыянальным і міжнародным узроўнях.

Нацыянальная стратэгія Рэспублікі Беларусь сталюецца на наступных прынцыпах устойлівага развіцця:

  • чалавек — мэта прагрэсу, узровень чалавечага развіцця — мера сталасці грамадства, дзяржавы, яго сацыяльна-эканамічнай палітыкі;
  • павышэнне ўзроўню дабрабыту нацыі, пераадоленне беднасці, змена структур спажывання;
  • прыярытэтнае развіццё сістэм аховы здароўя, адукацыі, навукі, культуры — найважнейшых сфер духоўнага жыцця грамадства, фактараў доўгатэрміновага росту прадукцыйнай, творчай актыўнасці народа, эвалюцыі народнай гаспадаркі;
  • паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі, садзейнічанне ўстойліваму развіццю паселішчаў;
  • пераход на прыродаахоўны, рэсурсазберагальны, інавацыйны тып развіцця эканомікі;
  • правядзенне рынкавых пераўтварэнняў эканомікі з улікам патрабаванняў устойлівага развіцця;
  • павышэнне эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці эканамічнай сістэмы;
  • узмацненне ўзаемасувязі эканомікі і экалогіі, фарміраванне эколага-арыентаванай эканамічнай сістэмы, развіццё яе ў межах гаспадарчай ёмістасці экасістэм;
  • рацыянальнае прыродакарыстанне, якое прадугледжвае немарнатраўнае выкарыстанне аднаўляемых і максімальна магчымае памяншэнне спажывання неаднаўляльных рэсурсаў, пашырэнне выкарыстання другасных рэсурсаў, бяспечную ўтылізацыю адкідаў;
  • развіццё міжнароднага супрацоўніцтва і сацыяльнага партнёрства ў мэтах захавання, абароны і аднаўлення экасістэм;
  • экалагізацыі светапогляду чалавека, сістэм адукацыі, выхавання, маралі з улікам новых цывілізацыйных каштоўнасцяў;
  • вядучая роля дзяржавы ў ажыццяўленні мэтаў і задач устойлівага развіцця, удасканаленне сістэм кіравання, палітычных механізмаў прыняцця і рэалізацыі рашэнняў;
  • развіццё працэсаў дэмакратызацыі і станаўлення адкрытага грамадства, у тым ліку прававая дзяржава, рынкавая гаспадарка і грамадзянская супольнасць;
  • павышэнне скаардынаванасці і эфектыўнасці дзейнасці дзяржавы, прыватнага бізнесу і грамадзянскай супольнасці.

Названыя прынцыпы служаць ідэйнымі арыенцірамі, да якіх Беларусь будзе ісці да 2020 года.

Найважнейшымі сацыяльна-эканамічнымі часткамі ўстойлівага развіцця да 2020 г. і прадметам асаблівай увагі (прыярытэтамі) пры пераходзе да ўстойлівага развіцця з улікам міжнароднага вопыту з'яўляюцца:

  • павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва;
  • барацьба з беднасцю;
  • змяненне структуры спажывання і вытворчасці;
  • ахова і ўмацаванне здароўя;
  • паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі;
  • супрацьдзеянне крыміналізацыі жыцця грамадства.

Экалагічны кампанент Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця ўяўляе сабой асноўную частку ўстойлівага развіцця, якая вызначае існаванне чалавечай супольнасці ў навакольным асяроддзі і ўзаемадзеянне жыхароў Беларусі і навакольнага асяроддзя. Ён уключае тры аспекты:

  • назіранне за навакольным асяроддзем і пастаяннае адсочванне яе стану і змяненняў прыроднага патэнцыялу, з мэтай разліку дапушчальнай гаспадарчай дзейнасці, што не прыводзіць да пагаршэння прыроды;
  • планаванне і рэалізацыя дзеянняў, накіраваных на паступовае зніжэнне чалавечага ціску на прыроду і стварэнне ўмоў для аднаўлення натуральных экасістэм Беларусі;
  • распрацоўка і ажыццяўленне экалагічнай палітыкі з улікам мэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і магчымасцяў навакольнага асяроддзя.

Экалагічны кампанент уключае наступныя патрабаванні:

  • у цэнтры ўвагі павінен знаходзіцца чалавек, які мае права на здаровае і плённае жыццё ў гармоніі з прыродай;
  • права на развіццё варта ажыццяўляць так, каб забяспечыць роўнасць магчымасцяў развіцця і захавання навакольнага асяроддзя, як для цяперашняга, так і для будучых пакаленняў;
  • ахова навакольнага асяроддзя павінна стаць неад'емнай часткай агульнага сацыяльна-эканамічнага працэсу і не можа разглядацца ў адрыве ад яго;
  • у адрозненні ад практыкі, якая склалася зараз па ахове прыроды, акцэнт варта перанесці на ажыццяўленне мер па экалагізацыі гаспадарчай дзейнасці, у першую чаргу, на ліквідацыю прычын адмоўных тэхнагенных уздзеянняў, а не іх наступстваў;
  • сацыяльна-эканамічнае развіццё павінна быць накіравана на паляпшэнне якасці жыцця людзей у дапушчальных межах гаспадарчай ёмістасці экасістэм;
  • экалагізацыі свядомасці і светапогляду чалавека, сістэмы выхавання і адукацыі.

Гэтыя патрабаванні выказваюць сутнасць экалагічнага кампанента, непарыўную і арганічную ўзаемасувязь сацыяльных, экалагічных і эканамічных мэтаў устойлівага развіцця.

Грамадскія арганізацыі Беларусі, якія працуюць у сферы ўстойлівага развіцця:

  • Установа «Цэнтр экалагічных рашэнняў» http://ecoidea.by/
  • Грамадскае аб'яднанне «Экадом» http://ecohome-ngo.by/
  • Эколага-краязнаўчае грамадскае аб'яднанне «Неруш» http://www.nerush.org/
  • Абласное грамадскае аб'яднанне «Гомельская асацыяцыя дзяцей і моладзі» (АСДЕМО) http://asdemo.org/
  • Міжнародны фонд развіцця сельскіх тэрыторый http://ifrd.by
  • Міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Экапраект» http://ekapraekt.by
  • Міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Экапартнерства» http://www.ecoproject.by
  • Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Новая Еўразія» http://www.eurasia.by
  • Магілёўскае экалагічнае грамадскае аб'яднанне «ЭНДО».