Бібліятэка                   Тэмы

Глеба          

Глеба

Глебай называецца верхні пласт паверхні Зямлі, які з'яўляецца асновай фарміравання жыцця на нашай планеце. Глеба – гэта жывая сістэма, у ёй жыве мноства арганізмаў. Акрамя таго, яна знаходзіцца ў пастаянным працэсе фармавання або распаду.

Глеба – гэта дынамічная жывая сістэма, якая складаецца з арганічных і мінеральных кампанентаў. Яе пранізвае разгалінаваная сетка шчылін і пор, у якіх цыркулююць розныя вадкасці і газы. Акрамя таго, у глебе жывуць розныя прадстаўнікі флоры і фауны – бактэрыі, грыбы, чарвякі, грызуны.



Працэс стварэння глебы настолькі працяглы, што глебу можна лічыць неаднаўляльным рэсурсам.

  • Фактары, якія ўплываюць на стварэнне глебы, – гэта наяўнасць глебаўтваральнай пароды, жывыя арганізмы (расліны, жывёлы, мікраарганізмы) дзейнасць чалавека, клімат, рэльеф і метэаралагічныя ўмовы. Толькі на тэрыторыі Еўропы апісана больш за 300 відаў глеб.
  • Глеба з'яўляецца найбольш аб'ектыўным і стабільным індыкатарам тэхнагеннага забруджвання. Глеба выразна адлюстроўвае ўзровень забруджвальных рэчываў і іх размеркаванне.

Важнейшыя функцыі глебы:

  • Яна фільтруе грунтовую ваду, затрымлівае пажыўныя рэчывы і ваду, неабходныя для росту раслін, яна з'яўляецца жыццёвым асяроддзем для многіх арганізмаў (сярод якіх і тыя, якія робяць магчымым распад арганічных рэчываў). Глеба паглынае, назапашвае і адлюстроўвае сонечную энергію.
  • Утварэнне біямасы. Большая частка вытворчасці прадуктаў харчавання і фуражу звязана з глебай. Яна дае пажыўныя рэчывы, паветра і ваду, стварае асяроддзе для развіцця раслін. Сур'ёзную шкоду, якую прыносіць глебе дзейнасць чалавека, прыводзіць да скарачэння вытворчасці прадуктаў харчавання і драўніны.
  • Фільтраванне, нейтралізацыя і трансфармацыя. Глеба – перашкода, якая не дазваляе шкодным рэчывам патрапіць у грунтовую ваду і вадаёмы. Рэчывы могуць фільтравацца механічным шляхам, адсарбавацца або выпадаць у асадак. Гэтая функцыя мае ключавое значэнне для аховы грунтовай вады, якая з'яўляецца крыніцай пітной вады для 65% насельніцтва Еўропы. Выконваючы ролю буфера, глеба засцерагае ваду ад траплення ў яе хімічных рэчываў і служыць тэмпературным бар'ерам. Глебавыя кіслоты нейтралізуюць катыёны натрыю, кальцыю, фосфару, магнію і інш. Буферная здольнасць глебы небязмежная. Пры наяўнасці аптымальных умоў, вялікая частка пестыцыдаў ператвараецца ў нетаксiчныя злучэння. Аднак пакінутай часткі цалкам дастаткова, каб забрудзіць пітную ваду там, дзе празмерна выкарыстоўваюцца пестыцыды. Глеба можа ператварыцца ў крыніцу хімікатаў, якія забруджваюць грунтовыя воды, калі парушана яе нейтралізуючая функцыя. Глебавыя мікраарганізмы спрыяюць раскладанню арганічных рэчываў, а таксама ўзнікненню іншых рэчываў, напрыклад, сульфатаў і нітратаў. Экалагічныя змены могуць значна абмежаваць здольнасць глебы затрымліваць шкодныя рэчывы. Такім чынам, глеба з'яўляецца адным з асноўных індыкатараў вызначэння крытычнай нагрузкі прыродных экасістэм.
  • Месцапражыванне і рэзервуар генетычнай інфармацыі. Глеба з'яўляецца месцапражываннем многіх арганізмаў і мікраарганізмаў. Акрамя таго, яна таксама – рэзервуар генетычнай інфармацыі жывых арганізмаў. Пагаршэнне якасці глебы прыводзіць да скарачэння біяразнастайнасці.
  • Аснова. Паверхня глебы з'яўляецца фізічным асяроддзем для развіцця інфраструктуры – жылых і прамысловых пабудоў, дарог, месцаў для адпачынку  і інш. Два адсоткі тэрыторыі Еўропы занятыя рознымі пабудовамі (гэта колькасць вар'іруецца ад 0,5% у Ірландыі да 12% у Венгрыі і 14% у Італіі і Галандыі). Шэраг дзяржаў прытрымліваецца прынцыпу, згодна з якім якасныя сельскагаспадарчыя землі не выкарыстоўваюцца для будаўніцтва будынкаў і інфраструктуры.
  • Крыніца сыравіны. Глеба з'яўляецца крыніцай такой сыравіны, як гліна, шчэбень, пясок і мінералы, а таксама паліва, напрыклад, торф.
  • Гістарычны асяродак. Глеба захоўвае археалагічныя знаходкі і палеанталагічныя матэрыялы.
Праблемы ўзнікаюць у тым выпадку, калі розныя функцыі глебы ўступаюць у канфлікт адно з адным. На працягу стагоддзяў глеба «ажыццяўляла» ўсе свае функцыі без цяжкасцяў. Праблемы пачаліся ў пачатку ХХ ст., калі паскоранае развіццё чалавецтва парушыла прыродны баланс глебы. Разрастанне паселішчаў і інфраструктуры, развіццё прамысловасці і транспарту, стварэнне звалак, горназдабыўная прамысловасць і інтэнсіўнае развіццё земляробства аказваюць ўплыў на глебу. Пагаршэнне глебавых характарыстык звычайна ўзнікае як вынік дзейнасці чалавека і прыводзіць да дэградацыі адной або некалькіх функцый глебы.

Дэградацыя глебы на сённяшні дзень прагрэсіруе. Неспрыяльныя з'явы, выкліканыя дзейнасцю чалавека, зніжаюць яе здольнасць выконваць свае функцыі. Найбольш часта распаўсюджаны наступныя працэсы дэградацыі глебы.

Эрозія глебы – гэта той працэс, у выніку якога глеба выносіцца вадой і ў меншай ступені ветрам. Эрозія можа быць вынікам любой дзейнасці чалавека, якая падвяргае глебу ўздзеянню вады і ветру, павялічвае хуткасць патоку дажджавой вады ці пашырае схільную эрозіі плошчу. Такія віды сельскагаспадарчай дзейнасці, як узворванне схілаў, знішчэнне ўрадлівага пласта глебы, празмерны выпас жывёлы, няправільны падбор сельгаскультур і празмерная шчыльнасць глебы, узмацняюць эрозію. Вырубка лясоў і празмернае выкарыстанне пашы з'яўляюцца таксама прычынай эрозіі. Негатыўныя эканамічныя наступствы эрозіі велізарныя. Водная эрозія шкодзіць сельскагаспадарчай зямле. Яна выносіць арганічную матэрыю, вырывае з коранем расліны і нават дрэвы. Урон для сельскай гаспадаркі можа дасягнуць да 30% ад ураджаю. У горных раёнах пласт глебы звычайна танчэй, ён пакрыты дрэвамі і лугамі. У месцах, спрыяльных для горнага турызму, большасць схілаў пераўтворана ў лыжныя трасы. Інтэнсіўнае выкарыстанне схілаў прыводзіць да фізычнага зьнішчэньня глебы і ўшчыльнення зямлі, што выклікае эрозію. Практычна ўсе віды глебы на схілах паддаюцца эрозіі, але асабліва схільныя да яе пясчаныя і наносныя глебы. Іншыя фактары – арганічныя рэчывы, ступень інфільтрацыі, глебавая структура і паверхня – аказваюць уплыў таксама, як і знешнія абставіны, такія, як рэльеф мясцовасці, клімат, расліннасць і кіраўніцкія рашэнні. Шэраг тэхнічных рашэнняў (полеахоўныя паясы, чаргаванне культур, інтэнсіўнасць сельскагаспадарчай дзейнасці, пагалоўе жывёлы, якое адпавядае апорнай здольнасці глебы, выкарыстанне кропельнага метаду арашэння, будаўніцтва механічных бар'ераў і інш.) могуць спрыяць абмежаванню эрозіі. Але разам з гэтым варта прыняць да ўвагі і іншыя факты, якія не маюць тэхнічнага характару – перанаселенасць, сацыяльныя структуры, эканамічныя і экалагічныя працэсы.

Закісленне глебы — Гэта працэс, які назіраецца ў апошні час усё часцей і часцей. Прычынай закіслення з'яўляюцца выкіды злучэнняў серы і азоту, якія вылучаюцца ў выніку згарання цвёрдага паліва і прамысловай дзейнасці. Угнаенне і асушванне глеб таксама могуць выклікаць закісленне. У Заходняй і Цэнтральнай Еўропе кіслотны дождж становіцца галоўнай прычынай закісления глебы. Наступствы закіслення глеб для навакольнага асяроддзя звязаны з пераходам кіслотных злучэнняў у наземную і грунтовую воды. Акісленне ў спалучэнні з катыёнамі жалеза, алюмінія, кальцыя, магнію і некаторых цяжкіх металаў памяншае здольнасць глебы да нейтралізацыі. Пясчаныя глебы валодаюць меншай нейтралізуючай здольнасцю, і нават малая змена ўзроўню рН можа ператварыць іх з нейтралізуючага ў забруджваючы фактар. Пры больш нізкіх узроўнях існуе рызыка выдзялення цяжкіх металаў. Закісленне глебы і яго наступствы для лясоў і сельскагаспадарчай прадукцыі можна прадухіліць шляхам узбагачэння і апрацоўкі вапнай (што спрыяе павелічэнню рН, але ў той жа час уплывае на глебавую флору і фауну і таму не заўсёды рэкамендуецца). Такім чынам, гэтая апрацоўка не можа аднавіць нейтралізуючую функцыю глебы, і таму закісленне з'яўляецца адной з небяспечных экалагічных праблем з незваротнымі наступствамі.

Забруджванне глебы — Яно з'яўляецца вынікам гаспадарчай дзейнасці. Часцей за ўсё глеба забруджваецца металамі і іх злучэннямі, арганічнымі хімікатамі, алеем і дзёгцем, пестыцыдамі, выбуховымі і таксічнымі рэчывамі, радыеактыўнымі, біялагічна актыўнымі гаручымі матэрыяламі, азбестам і іншымі шкоднымі матэрыяламі. Крыніцай гэтых рэчываў часцей за ўсё з'яўляюцца прамысловыя або бытавыя адкіды, як складаваныя ў вызначаных для гэтага месцах, так і несанкцыянаваныя звалкі.


Аднаўленне уласцівасцяў глеб – нялёгкая задача.

  • У некаторых выпадках ўласцівасці глебы могуць быць адноўленыя пасля таго, як будзе ліквідавана крыніца забруджвання. Але застаецца пытанне: колькі часу на гэта пойдзе?
  • У іншых выпадках глеба не можа вярнуць свае ранейшыя якасці, але пасля ўмелай апрацоўкі яе стан становіцца прымальным.
  • Стратэгічныя падыходы да забруджвання глебы павінны прадугледжваць як папераджальныя, ахоўныя меры, так і аднаўленне забруджанай глебы і грунтовых вод. Ахоўныя меры заключаюцца ў зніжэнні выкідаў прамысловасці, колькасці адкідаў і ў ахове глебы і грунтовых вод. Існуюць розныя тэхналогіі апрацоўкі забруджанай глебы – пераворка, прамыванне і выдаленне. Гэтыя метады каштуюць дорага. Існуюць і новыя, больш рэнтабельныя тэхналогіі апрацоўкі глебы шляхам дадання фіксатараў. Часцей за ўсё выдаткі на ачыстку забруджанай зямлі настолькі значныя, што яе ўладальнік практычна можа толькі спадзявацца, што грамадства возьме частку з іх на сябе. У той жа час павінны быць уведзеныя максімальна эфектыўныя тэхнічныя, фінансавыя і заканадаўчыя меры, каб прадухіліць далейшае забруджванне.

Нягледзячы на невялікую плошчу, тэрыторыя Беларусі характарызуецца даволі разнастайнымі прыроднымі ўмовамі і фактарамі глебаўтварэння. Гэта разнастайнасць абумоўлена складанасцю рэльефу, стракатасцю глебаўтваральных парод, значнай зменлівасцю клімату і характару расліннага покрыва. Своеасаблівасць прыродных умоў у розных рэгіёнах краіны вызначае фарміраванне ў іх адпаведнага глебавага покрыва.

  • Стракатасць прыродна-кліматычных умоў Рэспублікі Беларусь абумоўлівае праяву розных тыпаў глебаўтваральных працэсаў. Найважнымі сярод іх з'яўляюцца наступныя: падзолісты, дзярновы і балотны. Яны могуць выяўляцца як у чыстым выглядзе, так і ў розных спалучэннях. У некаторых рэгіёнах выяўляецца праява рудаглебавага і саланчаковага працэсаў.
  • На тэрыторыі краіны выдзелена 13 генетычных тыпаў глебы. Асноўнымі з'яўляюцца падзолістыя глебы (займаюць каля 2% тэрыторыі Беларусі; сустракаюцца па ўсёй тэрыторыі краіны, але найбольш распаўсюджаны ў паўднёвай і паўднёва-заходняй частках), дзярнова-падзолістыя глебы (сустракаюцца па ўсёй тэрыторыі краіны – 45,1% яе плошчы; выкарыстоўваюцца пераважна пад ворыва), балотныя глебы (11,5%), поймавыя глебы (7,2%).
  • Па кадастравай ацэнцы, ворныя глебы ў цэлым па Беларусі ацэньваюцца ў 31,2 бала. Ворныя землі, урадлівасць якіх ацэньваецца ў 25-35 балаў, займаюць 46,4% ралля, 20,1-25,0 балаў – 16,3%, 20 балаў і ніжэй – 7,6% ралля.

Згодна з Нацыянальным дакладам Рэспублікі Беларусь аб ажыццяўленні Канвенцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем і дэградацыяй зямель (2006), адным з фактараў дэградацыі з'яўляецца хімічнае забруджванне зямель. Хімічнае забруджванне характэрна пераважна для гарадоў і прылеглых да іх тэрыторый, прыдарожных палос аўтамабільных дарог, зон уплыву ўчасткаў складзіравання адкідаў, сельскагаспадарчых угоддзяў, прамысловых пляцовак прадпрыемстваў.

У адпаведнасці з Нацыянальным планам дзеянняў па рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў і ахове навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь на 2006-2010 гг., плошча тэрыторый з небяспечным узроўнем забруджвання глебаў у гарадах ацэньваецца ў 78 тыс. га, у зонах уплыву аўтадарог – у 119 тыс. га, у межах сельскай гаспадаркі – у 10 тыс. га, у зонах уплыву палігонаў адкідаў – у 2,5 тыс. га.

Па дадзеных назіранняў за хімічным забруджваннем зямель, якія праводзяцца ў рамках Нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя (НСМНА), у глебах, абследаваных за пяцігадовы перыяд 44 гарадоў Беларусі, адзначана назапашванне нафтапрадуктаў і цяжкіх металаў, у меншай ступені – сульфатаў і нітратаў. Забруджванне глебаў нафтапрадуктамі характэрна для ўсіх абследаваных гарадоў. У 50% населеных пунктаў максімальнае ўтрыманне нафтапрадуктаў у глебах перавышае гранічна дапушчальную канцэнтрацыю ў 5-15 разоў. З цяжкіх металаў асноўнымі забруджвальнікамі выступаюць кадмій, цынк і свінец. Забруджванне глебаў кадміем характэрна для 72% абследаваных гарадоў, цынкам – 77%, свінцом – для 61% гарадоў. Перавышэнне дапушчальнага ўзроўню кадмія ў 2 разы і больш адзначана ў 8 гарадах, цынку – у 14, свінцу - у 9 гарадах. Медзь у павышаных канцэнтрацыях сустракалася на тэрыторыі 4 гарадоў. Забруджванне глебаў нікелем і марганцам ў абследаваных гарадах не адзначалася. Адзінкавыя выпадкі забруджвання глебы сульфатамі, у 1,0-1,5 разы перавышаюць дапушчальны ўзровень, адзначаны ў 39% гарадоў. Перавышэнне нарматываў па нітратах характэрна для глеб толькі 3 гарадоў.

Па выніках лакальнага маніторынгу зямель, які праводзіцца ў рамках НСМНА з 2007 г., выяўлена, што прыярытэтнымі забруджвальнікамі ў глебах на прамысловых пляцоўках прадпрыемстваў машынабудавання і металаапрацоўкі з'яўляюцца цынк і кадмій, у меншай ступені – медзь, нікель, свінец і хром. На асобных участках металы перавышаюць дапушчальныя нарматывы ў некалькі дзясяткаў разоў.

Прыярытэтнымі забруджвальнікамі на прадпрыемствах паліўна-энергетычнага, хімічнага і нафтахімічнага комплексаў з'яўляюцца поліцыклічныя араматычныя вуглевадароды, нафтапрадукты, поліхларыраваныя біфенілы (ПХБ).

На пляцоўках прадпрыемстваў, якія спецыялізуюцца на выпуску будаўнічых матэрыялаў, глебы забруджаны мыш'яком. Сярэдняе ўтрыманне элемента ў глебах асобных прамысловых пляцовак у некалькі разоў вышэй нарматыву.

Забруджванне глебы, звязанае з сельскагаспадарчай вытворчасцю, ва ўмовах Беларусі выяўляецца ў залішнім назапашванні хімічных рэчываў у выніку прымянення пестыцыдаў, унясення мінеральных угнаенняў, а таксама празмернага паліву сельгасугоддзяў сцёкамі жывёлагадоўчых комплексаў.

  • Пестыцыды захоўваюць значную частку ўраджаю, таму іх прымяненне стала хутка ўкараняцца ў сельскую гаспадарку. У Беларусі пестыцыдамі апрацоўваецца штогод каля 3,5 млн. га сельгасугоддзяў.
  • Інтэнсіўнае прымяненне мінеральных угнаенняў з'яўляецца фактарам пазітыўнага ўздзеяння на аграхімічныя ўласцівасці глеб. Разам з тым яно можа выклікаць праяву негатыўных наступстваў, звязаных з залішнім назапашваннем хімічных злучэнняў у глебе, раслінах, вадаёмах. Асаблівую небяспеку ўяўляе забруджванне навакольнага асяроддзя нітратамі, хлорам.

Забруджванне глебы радыеактыўнымі рэчывамі абумоўлена галоўным чынам выпрабаваннем у атмасферы атамнай і ядзернай зброі, аварыямі на атамных электрастанцыях. Праблема забруджвання глебы радыёнуклідамі асабліва вострая для тэрыторыі Беларусі – у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС 23% тэрыторыі забруджана радыеактыўнымі рэчывамі.

Стратэгія прадухілення забруджвання глеб складаная і шматгранная. У прамысловасці і энергетыцы павінен быць ажыццёўлены пераход на мала- і безадкідныя тэхналогіі. У сельскай гаспадарцы неабходна больш шырока ўкараняць эфектыўныя агратэхнічныя і біялагічныя сродкі барацьбы з шкоднымі арганізмамі, ужываць бяспечныя пестыцыды, якія выключаюць забруджванне асяроддзя, выконваць навукова-абгрунтаваныя тэхналогіі выкарыстання мінеральных угнаенняў.

Эрозія глебаў – адна з формаў іх дэградацыі. Удзельная вага глеб, схільных да ветравой эрозіі, да агульнай плошчы сельскагаспадарчых зямель Беларусі складае для Гродзенскай вобласці 1,7%, Гомельскай – 1,6%, Мінскай – 1,1%. Для Брэсцкай, Віцебскай і Магілёўскай абласцей дадзены паказчык дасягае 1%.

У Беларусі штогод страты перагною складаюць 180 кг / га, азоту – да 10 кг / га, фосфару і калію – да 6 кг / га.

У Беларускім Палессі пры апрацоўцы прапашных культур страты торфу могуць складаць да 2-3 т / га.

Асобныя пытанні выкарыстання і аховы глебавых рэсурсаў рэгулююцца наступнымі Законамі Рэспублікі Беларусь:

  • Кодэкс аб зямлі (1999 г.).
  • Кодэкс аб нетрах (1997 г.).
  • Аб ахове навакольнага асяроддзя (1992 г.).

Вывучэннем глебавых рэсурсаў Беларусі займаюцца:

  • Інстытут глебазнаўства і аграхіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (Мінск) – nasb.gov.by/rus/organizations/institutes/inoagro.php
  • Палескі аграрна-экалагічны інстытут Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (Брэст) – paei.by
  • Кафедры глебазнаўства Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага універсітэта – www.baa.by/facultet/agroek/kafedra/pochvovedenia/
  • Кафедра глебазнаўства і зямельных інфармацыйных сістэм Беларускага дзяржаўнага універсітэта – www.geo.bsu.by/index.php/departments/soil-science.html
  • Кафедра аграрных дысцыплін Баранавіцкага дзяржаўнага універсітэта – www.barsu.by/