Бібліятэка                   Тэмы

Грамадства спажывання          

Грамадства спажывання

Наш штодзённы выбар пры куплі розных тавараў уплывае на фарміраванне і развіццё эканомікі. Гэта значыць, што кожны з нас валодае уладай спажыўца: вы не купляеце - яны не вырабляюць.

Рынак лічыцца выключна эфектыўным сродкам размеркавання рэсурсаў і забеспячэння балансу паміж прапановай і попытам. Аднак, у сваім цяперашнім выглядзе, ён не ўлічвае парогаў устойлівасці ўзнаўлення прыродных сістэм.

Погляды на свет эканамістаў і эколагаў сёння разыходзяцца як ніколі раней. Эканамісты ўспрымаюць сусветную эканоміку, перш за ўсё, як нястрымны рост. З пункту гледжання эколагаў, гэты рост, які заснаваны на спальванні вялікай колькасці таннага цвёрдага паліва, вядзе да парушэння стабільнасці клімату. Свет, у якім патрэбы прамысловасці сутыкаюцца з абмежаванасцю рэсурсаў прыродных сістэм, які абапіраецца толькі на эканамічныя паказчыкі пры планаванні будучых інвестыцый, асуджаны на пагібель. Кіраваць гэтымі ўсё больш супярэчлівымі сувязямі паміж сусветным рынкам і строга абмежаванымі магчымасцямі зямных экасістэм становіцца ўсё цяжэй, але ўсё больш неабходна.

Сёння ў Еўропе, ад 25 да 30% прэснай вады, 20% электраэнергіі і 70% прамысловых тавараў выкарыстоўваецца для патрэб хатніх гаспадарак. Кожныя тры з чатырох сем'яў маюць па крайняй меры адну аўтамашыну. Гэтае суадносенне расце з кожным годам. Спажывецкі попыт – вялікі цяжар для прыродных рэсурсаў. Вытворчасць тавараў вядзе да забруджвання паветра, вады і глебы. Хатнія гаспадаркі аказваюць выключна моцнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе.

Спажыванне і вытворчасць ўзаемазвязаны. Найноўшыя сацыялагічныя апытанні ў Еўропе паказалі, што ўзровень экалагічнай свядомасці расце паралельна з ростам даходаў насельніцтва. У краінах з пераходнай эканомікай гэтыя тэндэнцыі пакуль не такія відавочныя.

У цяперашні час выкарыстоўваецца некалькі падыходаў для падтрымкі экалагічна дружалюбнай вытворчасці і спажывання. Вось некаторыя з іх.

  • Распрацаваныя нарматывы, якія дазваляюць кантраляваць выкіды выхлапных газаў аўтамабіляў, а таксама забяспечваюць зніжэнне колькасці адкідаў, нацэлены на павелічэнне энергаэфектыўнасці і спыненне выкарыстання фрэонаў.
  • Многія прадукты маюць розныя этыкеткі, якія паказваюць на захаванне агульнаеўрапейскіх або нацыянальных экалагічных стандартаў. Эка-этыкеткі сведчаць аб тым, што вытворчасць дадзенага прадукту наносіць мінімальную шкоду навакольнаму асяроддзю.
  • Усё больш еўрапейскіх дзяржаваў падтрымліваюць ідэю ўводу дадатковых падаткаў на прадукты, якія забруджваюць навакольнае асяроддзе. Мэта ўвядзення такіх падаткаў складаецца ў стымуляванні пошуку альтэрнатыўных, больш бяспечных для навакольнага асяроддзя шляхоў вытворчасці і спажывання.
  • Інфармацыя заўсёды мела ключавую ролю ў фарміраванні паводзін і абгрунтаванні выбару спажыўцоў. Орхуская канвенцыя аб свабодным доступе да інфармацыі спрыяе пашырэнню ведаў аб прадуктах і відах дзейнасці, якія аказваюць уплыў на навакольнае асяроддзе.
  • Шырокамаштабныя інфармацыйныя і асветніцкія кампаніі сыгралі вырашальную ролю ва ўсведамленні спажыўцамі значнасці сваёй уласнай ролі ў экалагізацыі рынку тавараў і паслуг.

Наўрад ці тэндэнцыі росту спажывання зменяцца ў найбліжэйшай будучыні. Нягледзячы на гэта, усё больш людзей ўсведамляе, што больш умеранае спажыванне і змяншэнне колькасці адкідаў дапамагаюць знізіць узровень забруджвання навакольнага асяроддзя і захаваць прыродныя рэсурсы.

Статыстыка выкарыстання рэсурсаў у Беларусі істотна не адрозніваецца ад еўрапейскай. Спажывецкая здольнасць у Беларусі штогод расце, усё больш грошай траціцца на нехарчовыя тавары і паслугі. Вытворчасць тавараў непазбежна вядзе да забруджвання паветра, вады і глебы. Наўрад ці цяперашняя тэндэнцыя росту спажывання зменіцца ў найбліжэйшай будучыні. Але, нягледзячы на гэта, усё больш людзей ўсведамляе, што пад якасцю жыцця разумеецца не столькі ўзровень нашага спажывання (чым больш, даражэй, прэстыжней – тым лепш), колькі наяўнасць неабходнага для паўнавартаснага жыцця і здароўя акружэння: чыстай вады, паветра, бяспечных прадуктаў харчавання, камфортнага месца пражывання, магчымасці адпачываць.

У Рэспубліцы Беларусь распрацаваны нарматывы, якія дазваляюць на заканадаўчым узроўні кантраляваць шырокае кола пытанняў, звязаныя з навакольным асяроддзем і спажываннем, пачынаючы ад нормаў размяшчэння аб'ектаў прамысловасці і заканчваючы нормамі ўтрымання цяжкіх металаў у дзіцячых цацках.


Экалагічны падатак

гэта плата за шкоднае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе, якое аказваецца пры ажыццяўленні гаспадарчай дзейнасці. Мэта экалагічнага падатку – стымуляваць прыродакарыстальнікаў на скарачэнне шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Плацельшчыкамі экалагічнага падатку прызнаюцца арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі, у ходзе работы якіх адбываюцца выкіды забруджвальных рэчываў у атмасферу; скід сцёкавых вод або забруджвальных рэчываў у навакольнае асяроддзе; захоўванне, захаванне адкідаў вытворчасці; перамяшчэнне і перапрацоўка нафты і нафтапрадуктаў; вытворчасць і (або) імпарт тавараў , якія змяшчаюць у сваім складзе 50% і больш лятучых арганічных злучэнняў, напрыклад, фарбы і лакі.

З 2012 ўведзена новая сістэма спагнання экалагічнага падатку. Яна прадугледжвае адказнасць вытворцаў і пастаўшчыкоў пластмасавай, шкляной, папяровай тары, складанай бытавой тэхнікі, элементаў сілкавання (батарэек), змазачных масел, асвятляльных прылад і іншага за збор, абясшкоджванне і выкарыстанне адкідаў, якія ўтвараюцца пасля страты спажывецкіх уласцівасцяў тавараў і тары. Увядзенне гэтага падатку дасць магчымасць вырашыць існуючую цяпер сур'ёзную праблему збору і ўтылізацыі адпрацаваных батарэек, бытавой тэхнікі, а таксама асноўную складаючую бытавых адкідаў: пластыка, шкла і паперы.


Экамаркіроўка

Экалагічная маркіроўка дазваляе лёгка і дакладна даведацца пра тое, што вытворчасць таго ці іншага прадукту наносіць мінімальную шкоду навакольнаму асяроддзю. У еўрапейскіх краінах распрацавана цэлая сістэма экалагічнай маркіроўкі, якая паказвае на захаванне агульнаеўрапейскіх або нацыянальных экалагічных стандартаў.

У Беларусі сур'ёзным крокам на шляху да стварэння сістэмы экалагічнай маркіроўкі стала ўвядзенне ў 2008 г. знака «Натуральны прадукт» для харчовых прадуктаў.

Знак «Натуральны прадукт» наносіцца на прадукцыю, вырабленую:

  • з натуральнай харчовай сыравіны жывёльнага і (або) расліннага, мінеральнага паходжання;
  • без прымянення метадаў геннай інжынерыі;
  • без прымянення штучных харчовых дабавак.

Прадастаўленне інфармацыі

Інфармацыя заўсёды мела ключавую ролю ў фарміраванні паводзін і абгрунтаванні выбару спажыўцоў. Орхуская канвенцыя, якая рэгулюе пытанні доступу да інфармацыі, удзелу грамадскасці ў прыняцці рашэнняў і доступу да правасуддзя па пытаннях навакольнага асяроддзя, спрыяе пашырэнню ведаў аб прадуктах і відах дзейнасці, якія аказваюць ўплыў на прыроду і здароўе чалавека.

Грунтуючыся на палажэннях Орхускай канвенцыі і Закона аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб, любы чалавек мае права атрымаць доступ да экалагічнай інфармацыі, а таксама ўдзельнічаць у прыняцці экалагічна значных рашэнняў (напрыклад, прымаць удзел у грамадскіх абмеркаваннях з нагоды будаўніцтва новага завода).