Бібліятэка                   Тэмы

Паветра          

Паветра

Здароўе і самаадчуванне чалавека знаходзяцца ў прамой залежнасці ад якасці паветра.

Забруджванне паветра – гэта любая змена складу зямной атмасферы з-за паступлення ў яе новых якіх-небудзь фізічных, хімічных ці біялагічных рэчываў або змяненне іх натуральнай канцэнтрацыі.

  • Натуральнымі забруджвальнікамі паветра з'яўляюцца пыл і вулканічны попел.
  • Прамысловая вытворчасць, спальванне паліва, інтэнсіўная сельская гаспадарка і іншая дзейнасць чалавека прыводзяць да штучнага забруджвання паветра. Гэта з'яўляецца пагрозай для здароўя чалавека, раслін, жывёл і іх прыродных  месцапражыванняў, вядзе да змены клімату.
  • Звычайнымі забруджвальнікамі паветра з'яўляюцца дыяксід серы (SО2), аксіды азоту (NОX), угарны газ (СО), злучэнні волава і іншых металаў, пылавыя часціцы і лятучыя арганічныя злучэнні (ЛАЗ). Небяспечнымі лічацца наступныя забруджвальнікі паветра: злучэнні цяжкіх металаў (кадмію, ртуці, мыш'яку); мінеральныя валокны і пыл (азбест і шкляныя мікравалокны), якія могуць патрапіць у дыхальныя шляхі; неарганічныя газы (хлор, флуарыды, цыяніды, фасген); арганічныя рэчывы (альдэгіды, араматычныя і поліцыклічныя вуглевадароды, дыяксіны) і інш.
  • Да нядаўняга часу лічылася, што пасля выкіду забруджвальнікаў у атмасферу, іх канцэнтрацыя хутка зніжаецца да нязначных велічынь. Аказалася, што гэта не зусім так. У залежнасці ад атмасферных умоў, першасныя забруджвальнікі могуць на няпэўны час захоўваць высокую канцэнтрацыю ў раёне іх выкіду. Большая частка буйных часціц асядае ў непасрэднай блізкасці ад крыніцы забруджвання. Некаторыя забруджвальнікі могуць уплываць не толькі на мясцовым, але і на рэгіянальным, і нават на глабальным узроўнях.

Забруджванне паветра дрэнна ўплывае на ўсё жывое некалькімі шляхамі:

  • калі аэразольныя часціцы і атрутныя газы трапляюць у дыхальную сістэму чалавека і жывёл, а таксама ў лісце раслін;
  • пры павышэнні кіслотнасці атмасферных ападкаў, з-за якіх змяняецца хімічны склад глебы і вады;
  • пры стымуляванні хімічных рэакцый у атмасферы, якія апрамяняюць жывыя арганізмы шкоднаснымі сонечнымі прамянямі;
  • пры змене складу і тэмпературы атмасферы, так ствараюцца ўмовы, якія неспрыяльны для выжывання арганізмаў.


Для Рэспублікі Беларусь забруджванне атмасфернага паветра з'яўляецца актуальнай экалагічнай праблемай. У апошнія гады выкіды забруджвальных рэчываў у разліку на адзінку тэрыторыі краіны павялічваюцца: для аксідаў азоту, цвёрдых часціц і лятучых арганічных злучэнняў гэты паказчык за 5 апошніе гадоў павялічыўся на 8%, для угарнага газу на 6%, дыяксіду серы на 89%, для аміяку на 200%.

Па дадзеных 2009 года, удзел транспарту ў забруджванні паветра складае 75%.

  • Так асноўнымі забруджвальнікамі, якія паступілі ў паветра ад транспарту, сталі дыяксід серы (2), 1,4 тыс. тон, аксіды азоту (X) – 109,8 тыс. тон, цвёрдыя часціцы – 34 тыс. тон, угарны газ (СО) – 777,8 тыс. тон, лятучыя арганічныя злучэнні (ЛАЗ) – 214 тыс. тон.
  • Таксама транспарт выкідвае ў паветра вялікую колькасць вуглевадародаў – больш за 20% ад агульнай колькасці забруджвання паветра ў Беларусі.
  • Больш за ўсё выкідаў ад транспарту утвараецца ў Мінску і Мінскай вобласці, менш за ўсё – у Магілёўскай вобласці.

Забруджванне паветра ад стацыянарных крыніц звязана ў асноўным з прамысловасцю, энергетыкай і жыллёва-камунальнай гаспадаркай.

  • Вядома, што прамысловасць і энергетыка далі 70% выкідаў у агульны аб'ём, а жыллёва-камунальная гаспадарка – 14%.
  • На прамысловасць прыпадае больш за палову ад агульнай колькасці выкідаў па кожным з інгрэдыентаў, за выключэннем вуглевадародаў, асноўны аб'ём якіх паступае ад жыллёва-камунальнай гаспадаркі (каля 50%). Значнай крыніцай выкідаў цвёрдых рэчываў у дадатак да прамысловасці выступае жыллёва-камунальная гаспадарка (больш за 10%) і сельская гаспадарка (каля 10%); аксіду вугляроду – жыллёва-камунальная гаспадарка (каля 20%).
  • Па дадзеных 2009 года, асноўнымі забруджвальнікамі, якія паступілі ў паветра ад стацыянарных крыніц, сталі: дыяксід серы (2) - 139,5 тыс. тон, аксіды азоту (X) – 65 тыс. тон, аміяк – 19,6 тыс. тон, цвёрдыя часціцы – 46 тыс. тон, угарны газ (СО) – 74,6 тыс. тон, лятучыя арганічныя злучэнні (ЛАЗ) – 71,7 тыс. тон, кадмій – 2 кг, свінец – 3,2 тоны, ртуць – 4 кг.
  • Штогод сістэмамі пылагазаачысткі ловіцца больш за 2,5 тыс. тон забруджвальных рэчываў, эфектыўнасць працы існуючых сістэм складае 82-88%.

У гарадах

Аналіз дадзеных, атрыманых у сетцы маніторынгу атмасфернага паветра ў 2009 г., паказаў, што сярэднія за год канцэнтрацыі асноўных і спецыфічных забруджвальных рэчываў у большасці кантралюемых гарадоў Беларусі, як і ў папярэднія гады, былі ніжэй нарматываў якасці.

  • На працягу 2009 года перавышэнні максімальна разавых гранічна дапушчальных канцэнтрацый (ГДК) адзначаны толькі ў 0,25% ад агульнай колькасці прааналізаваных пробаў. Пры гэтым абсалютная большасць перавышэнняў складала ад 1 да 2 ГДК. Не зафіксавана канцэнтрацый якіх-небудзь забруджвальных рэчываў больш за 10 ГДК.
  • У асобных гарадах зафіксаваны перавышэнні сярэднесутачных ГДК сумарных цвёрдых часціц, аксіду вугляроду і дыяксіду азоту. Узровень забруджвання паветра дыяксідам серы захоўваецца стабільна нізкім: як сярэднегадавыя, так і максімальныя разавыя канцэнтрацыі знаходзяцца істотна ніжэй нарматываў якасці.
  • Сярод гарадоў краіны найбольш шырокі спектр забруджвальных рэчываў, па якіх перавышаюць максімальныя разавыя ГДК іх утрымання ў паветры, быў у горадзе Магілёў. Ён уключаў аксід вугляроду, дыяксід азоту, серавадарод, фенол, аміяк, фармальдэгід.
  • Стан атмасфернага паветра ў гарадах Бабруйску, Гродне, Навагрудку, Светлагорску, Лідзе, Салігорску і ў большасці кантралюемых раёнаў Брэста, Віцебска, Мінска, Гомеля, Мазыра і Пінска ў 2009 г. ацэньваўся як стабільна добры.
  • У параўнанні з папярэднімі гадамі, колькасць «праблемных» раёнаў у прамысловых цэнтрах Беларусі зменшылася на 22%. Разам з тым у некаторых раёнах Магілёва, Полацка і Наваполацка існуе праблема забруджвання паветра дыяксідам азоту; у Брэсце, Віцебску, Пінску і Оршы – фармальдэгідам. У гарадах, размешчаных у паўднёвай частцы Беларусі, дзе праводзіліся маштабныя меліярацыйныя работы (Гомель, Жлобін, Мазыр, Рэчыца), на працягу многіх гадоў захоўваецца праблема забруджвання паветра цвёрдымі часціцамі. У перыяды без ападкаў максімальныя канцэнтрацыі сумарных цвёрдых часціц у названых гарадах дасягаюць 2-6 ГДК. У двух прамысловых раёнах Мінска адзначаецца павышаны ўзровень забруджвання паветра цвёрдымі часціцамі.

Да цяперашняга часу ў краіне сфарміравана дастаткова развітая заканадаўчая база і інфармацыйная сістэма ў галіне аховы атмасфернага паветра.

  • Вядучае становішча ў ёй займае Закон «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (1992 г., у рэдакцыі 2002), які мае ўніверсальнае значэнне. У 2008 г. уступіў у сілу Закон «Аб ахове атмасфернага паветра".
  • Для вырашэння сярэднетэрміновых задач, у экалагічнай сферы распрацоўваюцца і рэалізуюцца пяцігадовыя Нацыянальныя планы дзеянняў па рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў і ахове навакольнага асяроддзя, а таксама па гігіене навакольнага асяроддзя.
  • Важнейшая састаўляючая эканамічнага механізму прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя – экалагічны падатак, які ўключае, у тым ліку, плацяжы за выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра, за імпарт і вытворчасць тавараў, якія змяшчаюць больш за 50% лятучых арганічных злучэнняў.
  • У Беларусі наладжаны рэгулярны выпуск інфармацыйных матэрыялаў па стане атмасфернага паветра і паверхневай вады: «Штогоднік стану забруджвання атмасфернага паветра і паверхневай вады на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».
  • Штогод з 1991 г. выдаецца экалагічны бюлетэнь «Стан прыроднага асяроддзя Беларусі». Асноўная інфармацыя аб экалагічнай сітуацыі ўключана самастойным раздзелам у штогадовы статыстычны зборнік, публікуемы Нацыянальным статыстычным камітэтам Рэспублікі Беларусь.