Апісанне:
Даўжыня цела да 120 см. Вага бусла каля 4 кг. Апярэнне белае, толькі махавыя пёры і частка крыючых пёраў крыла - чорныя. Ногі і дзюба чырвоныя, як і радужына вока. Бусел, які стаіць, у вышыню больш за метр. У палёце шыя і ногі выцягнутыя. Замест песні - гучнае шчоўканне дзюбай.
Распаўсюджанне:
Насельнік адкрытых прастор. Рэдкі ў Заходняй Еўропе. Гняздуецца пераважна ў населеных пунктах. Гняздо робіць на даху будынкаў, на дрэвах, на апорах ліній электраперадач. Часам гняздуюцца невялікімі калоніямі.
Асаблівасці біялогіі:
Бусел сілкуецца жабамі і дробнай рыбёшкай, есць таксама яшчарак, змей, смоўжаў, буйных насякомых, грызуноў, дробных птушак. Гняздо будуе з галін. Латок высцілае тоўстым пластом мяккага матэрыялу - сенам, саломай, анучамі, паперай і поўсцю. Кладка з 4-5 белых яек. Зімуе ў Паўднёвай Афрыцы.